«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.Феўр, іх пераемнікі — Ф.Брадэль, Ж.Ле Гоф, Э.Леруа Ладзюры, М.Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)